Проект SONORA ищет контакты в BigTech для белорусского голоса в AI
У канале @belarusai з'явілася аб'ява аб запуску SONORA. Гэта праект беларускай супольнасці, дзе ўдзельнікі запісваюць адкрыты беларускі датасэт для TTS — «каб беларуская гучала натуральна ў сучасных AI-сэрвісах».
Напрыклад, вы можаце паслухаць, як гучыць беларуская мова ў тэхналогіях сёння, на стартавай старонцы 👈
У чым праблема? Як сцвярджаецца на сайце, сёння ў свеце амаль не існуе якасных беларускамоўных галасавых датасэтаў, спецыяльна запісаных для навучання сучасных TTS-мадэляў. Пры гэтым у беларускай мове тысячы амографаў: аднолькавае напісанне, але розны сэнс у залежнасці ад націску. Калі мадэль памыляецца з націскам, ламаецца і гучанне, і сэнс.
Другая праблема — фанетычная карэктнасць: мяккасць, «ў», «дз/дж», інтанацыя і рытм: «Без якаснага студыйнага матэрыялу мадэлі паўтараюць памылкі і гучаць менш натуральна».
👉 Так, сёння ўжо існуюць падобныя ініцыятывы, напрыклад, Donar.by альбо мадэль BexTTS. Але Sonora працягне іхні шлях і «выведзе яго на студыйны ўзровень».
Таму энтузіясты запусцілі супольнае фінансаванне, каб «арганізаваць прафесійны студыйны запіс беларускага маўлення на спецыяльна падабраных тэкстах». Карыстацца датасэтам змогуць даследчыкі, энтузіясты, стартапы і адукацыйныя ініцыятывы.
Акрамя таго, каманда плануе партнёрства з Google, OpenAI і ElevenLabs — «каб наш датасэт узмацніў іх рашэнні для беларусаў».
У прыватнасці, SONORA шукае цёплыя інтры / прамыя кантакты ў:
- OpenAI
- ElevenLabs
- Speechify
- Meta
«Калі ведаеце каго-небудзь у гэтых кампаніях і можаце зрабіць інтра — напішыце, калі ласка, у ЛС, альбо напішыце зварот ад нас самі. Тэкст звароту тут», — просяць стваральнікі.