Як беларуска жыве ў Партугаліі на мясцовым дакуменце падружы
Manual QA Соня жыла ў Польшчы з 2022-га па 2024-ы, а потым перабралася ў Партугалію і «усё яшчэ тут».
«Асабіста для мяне ў Партугаліі хапае плюшак акрамя пашпарта (а то мой беларускі ўжо цю-цю)», — напісала яна ў чаце Dzika. Таму распыталі яе пра мясцовы заменнік дакументу.
Чым можна замяніць беларускі пашпарт у Партугаліі
— Усё проста, — кажа суразмоўца. — Калі ёсць ВНЖ, то спакойна атрымліваеш і дакумент падружы. Ён тут называецца aliens passport альбо passaporte para estrangeiros.
Трэба толькі напісаць мэйл у мясцовую арганізацыю, якая адказвае за пашпарты, тыпу пашпартнага стала (IRN). У мэйле сказаць, што вось мы беларусы (😭), у нас няма амбасады ў Партугаліі, дайце, калі ласачка, мне passaporte para estrangeiros. Ну і трэба даслаць фоткі свайго ВНЖ.
Потым прыходзіць апрув, выклікаюць ужо на офіс каб сфоткаць і ўзяць 110 еўра за паслугу. Праз тыдзень-два (супер хутка, рэальна) прыходзіш на той жа самы офіс забіраць ужо надрукаваную кніжачку.
Па тэрмінах — даюць да канца ВНЖ. У маім выпадку атрымалася на паўтары гады. ВНЖ, калі па працы, то даюць першы на 2 гады, наступныя — на 3 гады. То бок мой наступны пашпарт іншаземца будзе на тры гады, спадзяюся.
Ці можна падавацца з ім на новы ВНЖ? Пакуль пазітыўных пацверджаных кейсаў не было, але вось прам зараз некалькі чалавек так падаюцца, чакаем нейкага апдэйта ад іх.
Раней у абыход гэтага людзі бралі ў амбасадзе даведку на вяртанне і падаваліся з ёй на новае ВНЖ. А потым ішлі і рабілі новы aliens passport.
Ці падыходзіць для рахунку ў банку? Не скажу, карыстаюся толькі Wise/Revolut, а там хапае толькі ВНЖ, нікога ваш пашпарт не цікавіць.
Так, я лічу, што з гэтым дакументам даволі камфортна, не горш за Польшчу для людзей без каранёў. Пакуль што не адчула ніякіх мінусаў, але трэба глядзець, калі буду працягваць свой ВНЖ (гэта праз год будзе).
Ці доўга чакаць дазвол на жыхарства?
— Па пяць год чакаюць людзі, якія заехалі ў 2022 годзе па турыстычнай візе і тут ужо, знутры краіны, пачалі шукаць працу/адкрываць ІП, — лічыць беларуска. — Самастойна такім чынам датэлефанавацца ў мясцовы ўжонд і падацца на ВНЖ — супер складана.
Але гэтую лавачку ўжо прыкрылі. Цяпер трэба абавязкова:
1️⃣ віза працоўная ці студэнцкая, не турыстычная, карацей;
2️⃣ адразу ў візе будзе ўпісана дата і час на падачу на ВНЖ (недзе на праз пару месяцаў ад атрымання візы);
3️⃣ ідзеш з усімі докамі падавацца — бяруць адбіткі пальцаў, фоткаюць, плаціш не памятаю колькі, можа, таксама недзе 100 еўра;
4️⃣ праз 2 тыдні-месяц прыходзіць карта па пошце. Я атрымала візу ў лютым 2025-га, падалася на карту на пачатку чэрвеня і атрымала карту праз 3 тыдні па пошце, мая партнёрка аналагічна.
Чым Партугалія лепей?
- Польшча крутая, я ні разу не хейтерка, Кракаў — любоў на ўсё жыццё.
- А наконт партугальскіх плюсоў:
1️⃣ Мне важна, каб быў акіян, я займаюся сёрфінгам (польскае Балтыйскае мора не падыходзіць, трэба менавіта акіян).
2️⃣ Клімат. Шмат сонца нават узімку. Холадна — так, мы тут носім пухавікі, але со-о-онца.
3️⃣ Далёка ад вайны.
4️⃣ Нам з партнёркай было важна, каб мы маглі афіцыйна пабрацца шлюбам і жыць у краіне, якая пазітыўна ставіцца да меншасцяў.
5️⃣ Агулам павольны спакойны вайб. Гэта, бывае, і раздражняе. Калі, напрыклад, у нас зламаўся халадзільнік у пятніцу ўвечары, то да ранка панядзелка да нас ніхто чыніць нічога не прыйшоў. Але агулам я хачу жыць павольней, не спяшацца на метро, на офіс ці яшчэ куды, вучуся гэтаму ў мясцовых.
6️⃣ Прырода. Ну тут я проста закахалася, зноў-такі — акіян, пляжы, купа хайкаў, ёсць горы таксама.
7️⃣ Рэальна чыстае паветра.
8️⃣ Падаткі. Тут не вельмі правільнае параўнанне, але я канкрэтна за сябе скажу. У Польшчы я была на ўмове з падаткамі каля 30%. А тут у мяне ІП, пакуль першыя некалькі год — адчувальныя льготы, падаткі каля 5-7%. Далей будзе патрошку расці і ў выніку стане каля 15-20%.
Плюшкі яшчэ ў тым, што тут «малады» узрост афіцыйна да 35 гадоў, а ў Польшчы 26. Гэта ўплывае на падаткі, крэдыт на жытло, нешта яшчэ, што, хутчэй за ўсё, мне пакуль не трэба.