Беларусы в Польше создают реплику креста Софии Минской для похода в Копенгаген

⛵️🇩🇰 Беларусы ў Польшчы хочуць зрабіць рэпліку крыжа мінскай князёўны XII стагоддзя — а таксама зладзіць «першы беларускі пірацкі флот» на Капенгаген
І вось чаму.
Ці вы чулі, што беларусы збіраюць міралюбівы пірацкі флот, каб адправіцца ў жніўні 2026-га ў Капенгаген і паглядзець там на старажытны крыж Сафіі Мінскай, «раданачальніцы дацкіх каралёў» (што, так)?
А пакуль у нас яшчэ ёсць час, папулярызатарка беларускай гісторыі Марыя запусціла збор на стварэнне рэплікі гэтага самага крыжа — ён стане галоўным элементам паходу. Dzik расказвае пра, напэўна, самую авантурную задуму сезона.
На фота: крыж Сафіі Мінскай альбо крыж Дагмар. Крыніца: Wikipedia
Сафія Мінская альбо Сафія Валадараўна — праўнучка Усяслава Чарадзея і каралева дацкая.
Падлеткам яе адправілі ў Данію, каб яна пабралася шлюбам з дацкім каралём Вальдэмарам I. Ну і ў якасці пасагу альбо проста абярэга ёй далі крыж, упрыгожаны выявамі святых з двух бакоў.
Цяпер гэты крыж стаў нацыянальнай каштоўнасцю ў Даніі — яго называюць «крыжам Дагмар», бо лічыцца, што ён належаў нявестцы Сафіі, каралеве Дагмар.
У Даніі гэта, можна сказаць, сакральны прадмет. Напрыклад, у 1863 годзе кароль Даніі Фрэдэрык VII паднёс копію крыжа Аляксандры Дацкай у якасці вясельнага падарунка на шлюб з прынцам Уэльскім. З таго часу копіі крыжа сталі распаўсюджаным упрыгожаннем. У прыватнасці, стала прынята дарыць крыж Дагмар (альбо Сафіі Мінскай) дзяўчынкам на хрышчэнне або канфірмацыю.
«Было б класна, калі б мы таксама перанялі гэтую традыцыю і дарылі такі крыжык новым беларусам і беларусачкам», — кажа папулярызатарка беларускай гісторыі Марыя.
Па яе словах, ідэя зрабіць копію крыжа мінскай князёўны ўзнікла ў яе пад час візіту ў Данію. Марыя прыехала туды па запрашэнні дыяспары — ладзіць Купалле. Ну і пад час культурнай праграмы яе звадзілі ў музей у Капенгагене — паказаць гэты самы крыж Дагмар.
Як аказалася, гэта даволі маленькі крыжык, які можа змясціцца ў далоні. Акрамя таго, пасля амаль што 900 гадоў існавання ён выглядае даволі стомлена (што лагічна, улічваючы, што каштоўнасць праляжала некалькі стагоддзяў у магіле).
«Мне захацелася, каб як мага болей людзей даведаліся пра гэты крыж, і што ў нас была такая гістарычная постаць. Усё ж беларуская князёўна пабралася шлюбам з дацкім каралём», — паясняе Марыя.
Так ёй прыйшла думка — зрабіць копію гэтага крыжа, каб сучасныя беларусы змаглі даведацца, як ён выглядаў для ягоных сучаснікаў у XII стагоддзі. А потым сабраць кампанію, каб адправіцца ў Капенгаген і паглядзець на арыгінал.
Ну і яшчэ адзін довад на карысць рэплікі: па легендзе, калі крыж Еўфрасінні Полацкай павернецца ў Беларусь, то скончацца ўсе пакуты і ліхалецце беларусаў. Можа, і з крыжам Сафіі Мінскай таксама спрацуе, жартуе Марыя.
Як можна дапамагчы зрабіць копію крыжа Сафіі Мінскай?
Зараз адкрыты збор на выраб копіі — трэба €4,400. Так, сума немалая. Але, паясняе Марыя, гэта таму, што крыж будуць рабіць набліжаным да рэальнасці. А гэта, па-першае, матэрыялы, па-другое, праца ювеліра.
Ужо знайшоўся майстар, які гатовы ўзяцца за замову. Ён вельмі адказна падышоў да задачы. Напрыклад, расказвае Марыя, ён нават выбачаўся, што будзе рабіць крыж у электрычнай печцы, і пытаўся, ці будуць укладаць унутр крыжа мошчы святых, як было ў «арыгінальным рэцэпце» (на ўсялякі, не, машчэй не будзе).
У будучыні рэпліка павінна стаць часткай праграмы Лятучага музея, каб «беларуская дыяспара ў розных краінах магла даведацца пра існаванне крыжа, пра ягоную гісторыю, беларускую княжну і пра нашу старадаўнюю прысутнасць у еўрапейскай культуры».
Марыя кажа, што побач з крыжом будзе выстаўлены і спіс данацераў (калі што, можаце зрабіць свой данат на платформе ананімным).