Працаваў на польскі стартап-аднарог, а потым пайшоў на склад: гісторыя пра пошукі працы з Беларусі
Наш суразмоўца — кантэнт-пісьменнік і перакладчык, які жыве ў Беларусі, але мае досвед працы на польскую кампанію ElevenLabs. Гэта стартап, які спецыялізуецца на тэхналогіях галасавога штучнага інтэлекту і на дадзены момант ацэньваецца ў $22 млрд даляраў.
Беларус прыкладна год фрылансіў на палякаў як Transcriber і Reviewer — працаваў з рускай, украінскай і ангельскай мовамі ў транскрыпцыі і субтытрах AI. А затым яго нечакана звольнілі (і ён падазравае, што справа ў лакацыі).
DZPK распытаў, як наладжанае супрацоўніцтва з ElevenLabs, і як зараз справы з пошукамі працы з Беларусі (спойлер: не вельмі).
Як знайшоў гэтую вакансію?
Па адукацыі наш суразмоўца філолаг беларускай мовы, але супрацоўнічаў з ІТ-фірмамі: працаваў капірайтэрам, а таксама дзевяць месяцаў правёў на «беларускім» праекце ў амерыканскай фірме — транскрыбіраваў беларускамоўныя відэа і аўдыё.
Кажа, што праца збольшага была механічнай: «Слухалі і набіралі тэкст у праграме. Пазначалі шумы і музыку на шкале таймкодаў. Кожны суразмоўца пазначаўся сегментам на таймкодах, што патрабавала дакладнасці да долей секунды».
Таксама працаваў рэв’юерам — правяраў іншых «транскрайбераў»: «То-бок, гэта была больш лінгвістычная, чым айцішная праца. Але замоўцы — ІТ-фірмы».
Пасля звальнення ў 2024-м беларус пачаў масава рассылаць сваё CV: «Бамбіў усё, што як-кольвек супадала з маімі прэферэнцыямі». Дакладна не памятае, дзе наткнуўся на вакансію ў польскай фірме. Але памятае, што суразмоўе праводзіла дзяўчына з Індыі.
Прайшоў тэставае, дзе трэба было самому перавесці голас на аўдыя ў тэкст, і яго ўзялі як «транскрайбера». Прычым пра месцазнаходжанне беларуса не пыталі — і ён сам ужо не казаў.
Як працавалася ў ElevenLabs?
«У адрозненне ад папярэдняй працы, галасы на аўдыя былі ўжо згенераваныя ў тэкст, — згадвае беларус. — Прычым у штучнага інтэлекту, які генеруе аўдыё, ёсць такая хіба, што калі два чалавекі адначасова гавораць, то праблематычна атэкставаць аднаго і другога. Гэта пазначаў ужо я сам.
Працаваў з расійскай, украінскай і крышачку ангельскай мовай. Не, тады ў ElevenLabs чамусьці не было беларускай мовы».
Звычайны працоўны дзень беларуса выглядаў так: прачынаўся, уключаў лэптоп. Заходзіў на спецыяльную платформу з заданнямі ад ElevenLabs і браў заказы — вялікія і маленькія.
«Унутры ElevenLabs можна займаць розныя пазіцыі, і я таксама праходзіў тэставае заданне на дубляж, — тлумачыць суразмоўца. — Не прайшоў — затое здаў тэставае на субтытры. Гэта праверка, каб сабы на YouTube былі правільна падзеленыя: столькі-та сімвалаў у радку і так далей.
Большую частку часу працаваў з расшыфроўкамі. Яшчэ быў цікавы праект — лэйблінг. Трэба было ацэньваць, як штучны інтэлект згенераваў той ці іншы голас або музыку — каб без усплёскаў альбо шчаўчкоў і іншых аўдыёдэфектаў.
Праца была даволі манатоннай, таму карыстаўся метадам Pomodoro — калі 25 хвілін працуеш, 5 хвілін адпачываеш. Але выкарыстоўваў і іншыя метады, напрыклад, 52/17 (52 — працуеш, 17 адпачываеш), і 30/90. Тэсціраваў, які са спосабаў тайм-менеджменту найбольш эфектыўны».
Па выкананні заданне правяралі і маглі прыняць альбо рэджэктнуць. Але, кажа беларус, прымалі 97% выкананых ім прац.
«Самы кайф — калі трапляліся кароценькія заданні на ўкраінскай па навучанні ШІ-ботаў, — працягвае ён. — Мінімальная цана за заданне была $7-8, і ў дзень можна было зарабіць, у залежнасці ад аб’ёму і складанасці задачы, недзе $80-150».
Але, канешне, заказы былі не заўсёды. У сярэднім беларус працаваў па 30-35 гадзін на тыдзень. Па ягоных словах, зарабляў недзе $1,2-1,5К у месяц, а максімум быў $2,5К.
А як выводзіў грошы?
Вось тут праблема, бо беларус працаваў у 2025-м. Большая частка банкаў на той момант ужо трапіла пад санкцыі, заставаліся хіба «БСБ Банк» і «Прыёрбанк».
Напачатку дапамагаў Payoneer — суразмоўца кажа, што карыстаўся гэтым сэрвісам з 2021-га, калі яшчэ капірайціў на ўкраінскую кампанію. Але з 11 верасня гэтая опцыя ў Беларусі недаступная — акаўнты закрылі, і суразмоўца згубіў недзе $10.
PayPal таксама адпадае. Так што, шчыра кажучы, невядома як цяпер быць: «Хіба што працаваць на Расію».
Дарэчы, цікава, што апошнія пяць месяцаў у ElevenLabs ён не мог заходзіць на платформу без VPN. Калі заходзіў без праграмы, то яму выдавала спіс краін, з якімі сэрвіс не супрацоўнічае: Расія, Паўночная Карэя, Іран, Куба, Сірыя, Крым, Данецкая і Луганская вобласці Украіны — і Беларусь.
Як звольнілі з ElevenLabs?
Раптоўна. «Я абажаю прыроду, — прыгадвае суразмоўца. — Перад гэтым купіў сабе антэну, каб узмацняць сігнал і працаваць у лесе. Паехаў настройваць новае абсталяванне ў дзікіх умовах і зрабіў толькі адну задачку.
Па прыездзе дадому гляджу — пусты “працоўны стол”. Спрабую зайсці ў працоўны чат у Discord — і бачу, што выдалены адусюль. Заходжу на пошту, а там ліст, што, маўляў, так і так, гэта не звязана з вашай прадуктыўнасцю, толькі са зменамі ў нашай палітыцы. Да пабачэння.
“I'm reaching out with difficult news: we're making changes to our contractor engagement structure, and as part of that process we'll be ending your ElevenLabs Productions engagement pursuant to the termination for convenience provision in your agreement. To be clear, this is not performance-related; the decision is operational on our side”.
Ну, я ж быў фрылансерам, напэўна, так можна, адным днём. Ну і мяркую, што гэта звязана з маёй беларускай лакацыяй, хоць яны не могуць сказаць такое наўпрост, бо гэта будзе ўжо нейкая дыскрымінацыя».
І што далей?
А далей беларус ужо пяць месяцаў шукае працу па профілі. Але часы зараз нялёгкія: санкцыі, шмат хто з беларускага айці рэлацыраваўся, а тыя, хто застаўся, не гараць жаданнем наймаць чалавека-капірайтара.
Аднак хлопец не здаецца: дасылае CV праз ZipRecruiter (амерыканскі джобборд на AI). Кажа, што там таксама ёсць свае асаблівасці. Напрыклад, там просяць указваць расу, пол і ці з’яўляецца ён ветэранам.
«Мінулым летам быў сазвон. Пяць хвілін прайшло, падаецца, усё добра, і тут мне кажуць — ой, мы не праверылі вашую лакацыю, сорры, — прыгадвае суразмоўца. — Індусы таксама вельмі любяць знайсці нейкую вакансію, дзе, напрыклад, трэба беларуская мова. Звязацца са мной і запрапанаваць выканаць работу. Прычым калі вакансія з ЗША альбо еўрапейскай краіны, то заніжаюць стаўку ў 3-4 разы.
Нядаўна пяць гадзін выконваў заданне, і, па падліках, мне належыць восем баксаў. Не ведаю, ці заплацяць. Прапанавалі і далей так рабіць, але я ўжо сказаў: “It's not enough for me, thank you”. Восем баксаў за дзень — неяк замала».
Пакуль беларус рэлакацыю не разглядае. Пакуль беларус рэлакацыю не разглядае. Даўно спрабаваў жыць у Польшчы, але вярнуўся, бо не прыжыўся, а ў Беларусі маленькая дачка. Цяпер адкрыты для любых прапаноў: «У гэтую суботу, напрыклад, пайду на склад Wildberries. Я там ужо працаваў 6 год таму, але па фіксаваным графіку. А цяпер змагу сам выбіраць працоўныя дні».
Ці адчувае сябе часткай міжнароднай ІТ-супольнасці, знаходзячыся ў Беларусі?
На гэтае пытанне беларус адназначна кажа «не». Наадварот, пачуваецца адрэзаным, штучна адселеным. Няздольным ні вывесці грошы, ні паехаць за мяжу: «Лічу, што санкцыі павінны кранацца дзяржаў, а не простых людзей».
Ці лічыць, што капірайтэраў хутка заменіць AI?
Тут беларус прызнаецца, што не футурыст, дакладна не адкажа.
З аднаго боку, ён сам актыўна карыстаўся ШІ-інструментамі для напісання тэкстаў. З другога, калі бачыць у стужцы згенераваны кантэнт, то адразу ж яго праліствае.
«Думаю, што зробленае чалавекам заўсёды будзе ацэньвацца лепей, чым ШІ», — лічыць кантэнт-письменнік.