Как белорусу с просроченным паспортом вылететь из Польши во Францию: личный опыт
Беларус Pavieł Łaŭcevič падзяліўся ў фэйсбуку сваім досведам падарожжа з дакументам падружы чужаземца. Перадрукоўваем тэкст з дазволу аўтара (з некаторымі скарачэннямі).
Uwaga! Пост напісаны на тарашкевіцы, таму можа выглядаць трошкі нязвыкла для нашых наркамаўскіх вачэй!
Аповед беларуса, як ён з'ездзіў з Польшчы ў Францыю з дачкой, у якой скончыўся беларускі пашпарт + інструкцыя
— У чэрвені мы ўсёй сямьёй зьезьдзілі ў Парыж. <> Нашая дачка — грамадзянка Беларусі, і тэрмін дзеяньня яе нацыянальнага пашпарту сконьчваўся ўсяго за 10 дзён да заплянаванага падарожжа. У яе ёсьць дзеючы польскі від на жыхарства, а таксама Dokument Podróży dla Cudzozіemca. Апошні дакумэнт мы атрымалі для яе ўжо другім разам.
Тым ня менш, заставалася адкрытым пытаньне: ці дапусьцяць яе на борт з такім наборам дакумэнтаў? У апошні час усё часьцей зьяўляюцца гісторыі пра тое, як беларусаў не пускаюць на авіярэйсы, а то й здымаюць ужо пасьля рэгістрацыі, калі падарожжа аформлена па Travel Document.
Што я зрабіў, каб усё прайшло без праблем:
1️⃣ Асабіста зьезьдзіў у аэрапорт вылету — Ławіca у Познані, дзе на стойцы Ryanaіr паказаў усе дакумэнты й падрабязна растлумачыў сытуацыю. Там мне пацьвердзілі, што ўсё ў парадку й дачку дапусьцяць да палёту. Тое ж самае пацьвердзілі й у інфармацыйным цэнтры аэрапорта, запэўніўшы, што пры неабходнасьці акажуць падтрымку на месцы.
2️⃣ Напісаў ліст у амбасаду Францыі ў Польшчы з апісаньнем сытуацыі. У адказ атрымаў афіцыйны адказ з пацьверджаньнем, што такі набор дакумэнтаў дае права на ўезд у Францыю.
3️⃣ За некалькі дзён да вылету я зноў зьезьдзіў у аэрапорт. Супрацоўнік Ryanaіr на стойцы зноўку пацьвердзіў інфармацыю й параіў зарэгістраваць дачку на рэйс анляйн па пашпарце. А па прыбыцьці ў аэрапорт — прыйсьці на стойку рэгістрацыі ды прад’явіць увесь пакет дакумэнтаў для праверкі.
4️⃣ Зарэгістраваць дачку анляйн не атрымалася, бо сыстэма не прымала пратэрмінаваны пашпарт. Я зьвярнуўся ў анляйн-падтрымку Ryanaіr, дзе мне прапанавалі зарэгістраваць мяне й жонку анляйн, а дачку – на стойцы ў аэрапорце. Да гэтага для яе забраніравалі выкананьне рэгістрацыі на стойцы без дадатковых збораў.
5️⃣ Увечары, за 12 гадзін да вылету, я трэці раз зьезьдзіў у аэрапорт і зноў пагаварыў са спэцыялістам на стойцы рэгістрацыі. Ён зьвязаўся з вышэйшым кіраўніцтвам (супэрвайзэрам), якое пацьвердзіла, што ўсё будзе добра.
У выніку ўсё прайшло цудоўна. Мы спакойна вылецелі й правялі незабыўныя дні ў Парыжы. Дзякуй авіякампаніі Ryanair за прафэсыяналізм, а амбасадзе Францыі за апэратыўны адказ на email (літаральна цягам гадзіны).
📌 Інструкцыя: як беларусам, якія жывуць у Польшчы, падарожнічаць з пратэрмінаваным беларускім нацыянальным пашпартам па ЭЗ:
1️⃣ Пераканайцеся, што ў вас ёсьць:
- дзеючы Dokument Podróży dla Cudzozіemca
- дзеючы польскі від на жыхарства (karta pobytu)
2️⃣ Праверце, ці прызнае краіна прызначэньня гэты дакумэнт.
Сьпіс краінаў — па спасылцы 👈
3️⃣ Напішыце email у амбасаду краіны прызначэньня. Апішыце сытуацыю, пералічыце дакумэнты з тэрмінамі іх дзеяньня. Запытайце афіцыйны адказ на пытаньне аб магчымасьці ўезду на тэрыторыю краіны.
4️⃣ Па магчымасьці да пакупкі білетаў зьезьдзіце ў аэрапорт і пракансультуйцеся на стойцы рэгістрацыі авіякампаніі.
5️⃣ Удакладніце ў авіякампаніі, як прайсьці рэгістрацыю на рэйс з вашым наборам дакумэнтаў. Калі сыстэма не дазваляе зарэгістравацца анляйн, зьвярніцеся ў падтрымку й ветліва папрасіце зрабіць бясплатную рэгістрацыю на стойцы — са спасылкай на тэхнічную немагчымасьць зрабіць гэта анляйн праз пратэрмінаваны пашпарт.
6️⃣ На ўсялякі выпадак:
- раздрукуйце лісты з амбасады й пацьверджаньні ад авіякампаніі (напрыклад, за анляйн-чату)
- па магчымасьці запішыце кантакты аэрапортаў і адказных асобаў, зь якімі кантактавалі. <>
👉 Спасылка на сайт, дзе чытач Dzika збірае ўсе краіны, куды можна паехаць з польскім праязным дакументам