Новая прапанова PiS аб польскім грамадзянстве: ці варта хвалявацца?
Мігранты зноў абмяркоўваюць чарговую прапанову ад PiS аб узмацненні закона аб польскім грамадзянстве.
Кандыдат на пасаду прэм’ер-міністра Пшэмыслаў Чарнэк высунуў праект, каб «грамадзянства трэба было чакаць 10-15 гадоў, а не 2-3». Ну і каб мігрантаў можна было дэпартаваць за 24 гадзіны за паўторнае правапарушэнне.
Папярэднія падобныя праекты адхілілі, адзін за адным. Які сэнс вылучаць тое ж самае з (спадзяёмся) тым жа вынікам? Гэта Dzik запытаўся ў Кірыла — сувядоўцы падкаста «Зроблена ў Польшчы».
Навошта гэта ўсё?
Тут трэба заўважыць, што амаль адначасова з прапановай пана Чарнэка польскае МУС таксама напісала ў сваіх сацсетках, што плануе ўзмацніць закон аб «абывацельстве»: дадаць тэст на веданне гісторыі і культуры, падняць веданне мовы на В2, але пакінуць 8 гадоў легальнага побыту.
— Як я ўжо казаў у адным з нашых выпускаў, такое ўражанне, што ўрад не хоча вялікага падаўжэння тэрміну чакання грамадзянства — у адрозненне ад PiS. Але хочуць замацаваць вось гэты тэрмін у 8 гадоў, — лічыць Кірыл. — Тым больш што па афіцыйнай статыстыцы МУС, 99% людзей, якія атрымоўваюць грамадзянства, як раз і жывуць тут мінімум 8 гадоў.
Навошта? Дадзены крок можа дапамагчы супакоіць настроі ў грамадстве і выбіць з рук правых папулістаў той самы тэзіс пра «грамадзянства за 3 гады», з якім яны носяцца ўжо больш за год (бо палякі, з большага, не ведаюць, як фактычна выглядае сцежка атрымання грамадзянства іншаземцамі).
Што ж тычыцца самой прапановы PiS, то, кажа Кірыл, такое ўражанне, што яны падглядзелі частку прапаноў менавіта ў урада:
— Той самы тэст на грамадзянства, што з’явіўся ў праекце PiS, ужо агучваўся на прэс-канферэнцыі МУС, — кажа суразмоўца. — А вось прапанова Чарнэка дэпартаваць за паўторнае адміністратыўнае парушэнне без магчымасці апеляцыі прывядзе да таго, што трыбунал па правах чалавека проста засыплюць скаргамі. Такое варта добра прапрацаваць, абмеркаваць на грамадскіх чытаннях і аддаць на экспертызу прафесарам права і спецыялістам па правах чалавека (амбудсмэн ужо выказаўся — заўв. Dzika).
Гэта па-першае. А па-другое — я лічу, што калі калі нехта і парушыў закон, але вельмі даўно, і з тых часоў больш не меў ніякіх штрафаў, то на такое, магчыма, можна і заплюшчыць вочы. Падыход дзяржавы павінен быць не канцылярскі, а ўзважаны, чалавечы.
Кірыл падкрэслівае, што існуючы закон аб грамадзянстве прынялі ў 2009 годзе і на той момант быў «подыхам свежага паветра» — нарэшце састарэлы працэс атрымання польскага грамадзянства быў сістэматызаваны.
Тады ён дазваляў даволі проста набыць польскі пашпарт. Але з тых часоў прайшло ўжо больш за 15 гадоў, і абставіны змяніліся.
— Калі ў выніку будзе прыняты закон, дзякуючы якому сістэма будзе ўпарадкаваная, а польскае грамадства супакоіцца, а ў правых папулістаў застанецца менш магчымасцяў маніпуляваць грамадскай думкай, то, як не парадаксальна, гэта можа быць карысным як для польскай дзяржавы, так і для саміх мігрантаў.
Ці адхіляць прапанову пана Чарнэка?
Кірыл думае, што так, і што, груба кажучы, гэта чарговая спроба адцягнуць выбаршчыкаў ад таго ж Гэгажа Браўна.
— Тым больш, што і ў PiS, і нават «Канфедэрацыі» Менцэна (пра Браўна мы тут не кажам) шмат прагматыкаў. Нават Чарнэк казаў у іншых інтэрв&;ю, што «мы нікуды не дзенемся ад легальнай міграцыі, і калі нехта хоча сюды прыязджаць, працаваць і плаціць падаткі, то мы павінны гэтаму радавацца».
Пры гэтым для добрых спецыялістаў — не толькі айцішнікаў, але і лекараў, і зваршчыкаў — зразумелая і празрыстая сцежка да пашпарту вельмі важная. Бо такія людзі сябе цэняць, і шмат хто з палітыкаў гэта разумее.
Адзінае, што я бачу пэўную небяспеку ў падобнай гульні з антымігранцкімі настроямі. Калісьці PiS гуляўся з тэмай адносін палякаў да Еўрасаюзу, і цяпер іх электарат найбольш антыеўрапейскі. Каб такога не атрымалася і з мігранцкай палітыкай. Бо, напрыклад, за тыя паў гады, што прайшлі з папярэдняй прапановы PiS, дыскусія вакол гэтага сцішылася і адносіны палякаў да мігрантаў палепшыліся.
Я два дні адсочваў, што пішуць людзі ў твітары, трэдсе і на фэйсбуку пад прапановай МУС. У асноўным палякі альбо пагаджаліся з прапанаваным падыходам, указваючы на тое, што прапанова PiS — поўная і контрпрадуктыўная лухта, якая зробіць толькі горш. Альбо ж нават называлі перагібам тое, што прапануе МУС, за, перад усім, дадатковую і непатрэбную, на іх погляд, бюракратыю.
Ці варта наогул мяняць міграцыйныя законы?
Што тычыцца спроб змяніць міграцыйнае заканадаўства агулам, то Кірыл падкрэслівае — як грамадзянін Польшчы, ён чакае ад ураду комплекснага падыходу, а не «таго хаосу, як зараз»:
— У 2024-м урад прыняў «Міграцыйную стратэгію». У свой час яна нарабіла шмат шуму — а пасля пра яе фактычна забыліся. Так, гэты дакумент быў далёкі ад ідэальнага — але на фоне таго, што адбываецца ў 2026-м, гэта манна нябесная. Калі б урад пачаў прытрымоўвацца хаця б сваіх ідэй, то гэта было б вельмі добра.
Напрыклад, у дакументе пад назвай «Odzyskać kontrolę. Zapewnić bezpieczeństwo. Kompleksowa i odpowiedzialna strategia migracyjna Polski na lata 2025-2030» гаварылася пра інтэграцыю іншаземцаў у польскае грамадзянства. Аднак на двары 2026-ы, а абяцаных цэнтраў інтэграцыі усё яшчэ няма.
— Думаю, калі б дзяржава ўвяла шырокія курсы па польскай мове, гэта ўжо быў бы вельмі файны крок, — лічыць Кірыл. — Тым больш, я ўпэўнены, спробы падняць узровень польскай з В1 на В2 нясе ў сабе пэўны схаваны сэнс. Магчыма, гэта робіцца, каб даць «фору» мігрантам з культурна і этнічна блізкіх народаў. Верагодна, Польшча хоча ў перспектыве пазбегнуць вялікага наплыву мігрантаў і новых грамадзян з краін з абсалютна іншым культурным кодам ды традыцыямі.
Калі сумаваць, то я абсалютна ўпэўнены, што ўзровень патрэбнай для грамадзянства мовы будзе падняты да В2 — аб гэтым сведчаць інсайты з кулуараў палітыкі. Так, паміж В1 і В2 ёсць істотная розніца, але, пражыўшы шмат гадоў у Польшчы, на маю думку, можна без большых праблем вывучыць польскую мову да адпаведнага ўзроўню.
Калі ж казаць пра «тэст на грамадзянства», то ідэя польскага МУС не новая. Падобныя тэсты існуюць ужо вельмі даўно ў розных краінах Еўропы. Пакуль не зусім зразумела, як гэта будзе выглядаць у рэчаіснасці і якія будуць патрабаванні, напрыклад, па колькасці мінімальных балаў. Але калі глядзець на практыку іншых краін, то такія тэсты не ствараюць вялікай праблемы для жадаючых атрымаць грамадзянства. Так, гэта дадатковая, але не крытычная бюракратыя.
Адзінае, што мяне турбуе — ці будзе створаная адпаведная інфраструктура, каб спакойна запісацца на тэст, альбо ж тут таксама з’явяцца пасрэднікі і чэргі?