История QA-инженера: дважды без работы в Польше, ночная разгрузка в Lidl и поиск ДНЖ
devby расказаў гісторыю Андрэя, тэсціроўшчыка, які страціў працу (нават двойчы) і быў вымушаны уначы разгружаць ў Lidl тавары па чужых дакументах.
Dzik прыводзіць выбраныя цытаты з гэтага артыкулу, тэкст цалкам чытайце тут.
- Увесну 2022 года ў мяне з’явілася патрэба з’ехаць з Беларусі. І так цудоўна супала, што я знайшоў кампанію ў Грузіі, прайшоў сумоўе — і за два ці тры тыдні перабраўся на новае месца. Але мы з сям’ёй пражылі ў Тбілісі больш за год і вырашылі, што трэба ехаць далей, бо грузінская школа не дасць дзецям добрай адукацыі. <> Сын не тое што грузінскую мову не вывучыў, ён і рускую пачаў забываць.
- Таксама я хацеў знайсці падтрымку для свайго пэт-праекта па бясплатным абмене рэчамі. У Грузіі я хадзіў па арганізацыях, падаваў заяўкі на гранты, але ж мне адмаўлялі з розных бюракратычных прычын. Адна дзяўчына сказала: «Не разлічвайце», — маўляў, да Грузіі не даходзяць сур’ёзныя сумы на дапамогу ўцекачам. Яна так і сказала: «Тое, што даходзіць, — гэта рэшта ад семачак у параўнанні з іншымі краінамі. Трэба шукаць падтрымкі ў Еўропе».
- У сакавіку 2023 года я падаў дакументы ў польскую амбасаду — і нам аформілі візы PBH. А за 3 дні да ад’езду ў Польшчу прыйшла навіна: мяне знімаюць з праекта. Атрымлівалася, што еду я ў нікуды з нічым.
- Хоць і кажуць, што айцішнікі добра зарабляюць, але ж назбіраць вялікую падушку ў Грузіі ў мяне не атрымалася. Мы ішлі ва-банк, бо амаль праз паўгода пошукаў працы ў нас ужо заставалася на жыццё каля 500 еўра.
- Я пачаў адгукацца на вакансіі — рабіў спачатку па 5 водгукаў на дзень, але гэта нічога не дало. Тады я пачаў недзе па 10 водгукаў рабіць, аднавіў рэзюмэ ды профіль у LinkedIn — і зноў ніводнага адказу. Знаёмая параіла эйчарку, якая за грошы дала парады, як змяніць маё рэзюмэ, каб яно было прывабнейшым. I ўсё роўна ніякіх вынікаў. Я нават напісаў ёй: «Не працуе», — а яна мяне заблакавала.
- Мая статыстыка за лета: больш за 500 водгукаў на вакансіі, каля 13 запрашэнняў на сумоўі, і 7-8 з іх перараслі ў наступныя этапы.
- Я знайшоў працу пры канцы лета. На той момант у нас заставалася 170 еўра на жыццё — і то дзякуй жонцы: у сярэдзіне ліпеня яна знайшла працу без афармлення — прыбіраць кватэры, якія здаюцца на суткі.
- Я таксама нелегальна працаваў па начах у Lidl — разгружаў скрыні: дапамаглі хлопцы з беларускай дыяспары. Па дакументах мусілi працаваць іншыя людзi, але хтосьці мог захварэць, або стаміцца, або па іншых справах не выйсці — і мяне выклікалі працаваць за іх. А раніцай разлічваліся: калі 80 злотых дадуць, калі 100. Ім якая розніца, каму плаціць — Васю, Пецю, ці каму яшчэ.
- Што, калі б я не знайшоў працы, не атрымаў ДНЖ — нават не ведаю. Мы ішлі ва-банк — «трымацца да апошняга». Так, план з вяртаннем у Беларусь абмяркоўвалі — не для мяне, для жонкі і дзяцей. Але ж мы перабраліся ў Польшчу, каб даць дзецям адукацыю — і што цяпер? Тут такія школы — у параўнанні з Беларуссю проста XXXI стагоддзе.
- Калі б не далі ДНЖ, думалі падавацца на ўцекачоў. Праваабаронцы казалі: было б лепш, каб мы падаліся адразу, а не пражыўшы год у Польшчы. Але я хадзіў у польскую амбасаду ў Тбілісі ў красавіку 2022 года — мне адказалі: «Вы ж беларус, то едзьце ў Беларусь і там падавайцеся на міжнародную абарону». «Калі ж я вярнуся, то, хутчэй за ўсё, нікуды больш не паеду».
- Дарэчы, з працадаўцамі гэтак жа сама. Ці то не разумеюць кантэксту, ці то баяцца «рызыкаваць» з беларусамі. Калі я шукаў працу, нярэдка чуў: «Не, мы не бяром людзей з Беларусі і Расіі». І гэта ад кампаній з беларускімі каранямі. Ну-ну, а як вы сюды трапілі?