Беларускія IT-спецыялісты ў Літве: чаму не атрымліваецца пераехаць у Польшчу
@Devby пагутарыў з беларусамі, якія «завязлі» ў Літве: яны вельмі хацелі б памяняць лакацыю, але пакуль не выходзіць. У процівагу — тыя, каго ў Літве ўсё задавальняе, ва ўсялякім разе пакуль што.
«Мала вакансій, не падабаецца антыбеларуская рыторыка»
Андрэй, 35 гадоў, бэкэнд-распрацоўшчык, піша на Java, пераехаў з дзяўчынай:
«Пераехаў у Літву з EPAM пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Цяпер хачу з’ехаць, бо тут працы амаль няма (хіба што ў кампаній з беларускімі каранямі — EPAM, Godel). Але рэлакавацца ў Польшчу, на жаль, не атрымліваецца:
♦️польскія кампаніі не хочуць разглядаць кандыдатаў, не легалізаваных у Польшчы, адфільтроўваюць іх яшчэ на этапе падачы рэзюмэ;
♦️з легалізацыяй дапамагаць наогул ніхто не хоча;
♦️а ўнутры EPAM рэлакейты скасаваныя на нявызначаны тэрмін (тэарэтычна можна, але патрэбны асабісты апруў ад топ-менеджара).
У выніку я забавіўся. Пакуль рыхтуюся да пераезду ў Заходнюю Еўропу — падцягваю мовы і алгарытмы на літкодзе, што, вядома, зойме месяцы.
Што яшчэ не падабаецца ў Літве — антыбеларуская рыторыка асобных уплывовых палітыкаў: прэзідэнта, міністра ўнутраных спраў, спецслужбаў. Але таксама я думаю, што, на жаль, прыбалтыйскія краіны рызыкуюць стаць мішэнню для Расіі ў выпадку магчымага развіцця канфлікту».
«Літоўскай лакацыі ніхто не выбірае, вось і сяджу ў «адзіноце»
Мікалай, 26 гадоў, senior software developer, пераехаў адзін:
«Заказчык запатрабаваў, каб распрацоўшчыкі на праекце пакінулі Беларусь. Нейкі час я жыў у Грузіі. А ў 2022 годзе пераехаў у Літву, бо тут можна было хутка легалізавацца.
Пасля Грузіі гэта быў глыток свежага паветра. Аднак праз час я пачаў заўважаць, што Літва зусім не тая лакацыя, дзе я б хацеў жыць. Аднак па кантракце я меўся адпрацаваць тут год. Што не так у Літве:
♦️«шалёныя» падаткі ў 40%, што шмат насамрэч, а разумення, куды ідуць гэтыя падаткі ў краіне, няма. Калі ёсць прыклад Польшчы з B2B і падаткам у 12%, то 40% здаюцца крадзяжом;
♦️дарогі тут не самыя лепшыя, многія будынкі маюць патрэбу ў рамонце. У Вільні асабліва адчуваецца, што гораду цяжка даецца мадэрнізацыя, бо куча старых будынкаў, толькі невялікі раён шматпавярховікаў каля ракі, а ў астатнім — усё. Па адчуваннях, быццам жывеш у Брэсце, пасля таго, як доўга жыў у Мінску, але цэны пры гэтым — як у Мінску або нават вышэйшыя;
♦️самалёты часцей за ўсё лётаюць з перасадкамі, і ў нейкія папулярныя лакацыі наўпрост не даляціш;
♦️сітуацыя з нерухомасцю быццам бы стала прасцейшай, але цэны ніжэйшымі не сталі;
♦️агіднае надвор’е, мінімум сонечных дзён;
♦️бенефітаў ад дзяржавы, такіх як страхоўка, я не выкарыстоўваю, так як набываў сваю;
♦️працэс рэлакацыі беларусаў працягваецца, але літоўскую лакацыю ніхто са знаёмых не выбірае, вось і атрымліваецца, што сяджу ў Літве ў «адзіноце». Сябры з’ехалі ў Польшчу. Мінулай вясной праз гэта я сышоў у дзікую дэпрэсію.
Я хачу пераехаць у Польшчу, каб знізіць адсотак падаткаў і ўз’яднацца са сваімі блізкімі. Аднак гэта няпроста. Выходзіць у сярэднім па 3 сумоўі на тыдзень, а ў выніку выбіраюць не па скілах, а па суме, якую агучвае кандыдат, — чым менш, тым лепш».
Тут астатнія гісторыі