Книга «Я/Мы Эміграцыя»: опыт миграции в Польше от белоруски

25-гадовая настаўніца польскай і, з нядаўніх часоў, сістэмны інжынер у EPAM Дар’я выпусціла кніжку пра «калектыўны» досвед міграцыі. Яна так і называецца — «Я/Мы Эміграцыя», і там расказваецца пра ўсё, што добра вядома рэлаканту.

Dzik пагутарыў з дзяўчынай для рубрыкі і даведаўся, што падштурхнула яе да напісання кніжкі (ну і яшчэ чаму айцішнікі самыя дысцыплінаваныя вучні па польскаму).

Дар'я, фота ад суразмоўцы

🟣 Як аўтарка пераехала ў Польшчу

Дар’я пераехала ў Польшчу ў 18 гадоў — цяпер ёй 25. Кажа, бацькі сказалі ёй у 11 класе, што трэба «нешта рабіць» (гэта значыць, пераязджаць за мяжу). На што дзяўчына адказала — «давайце ў Чэхію». 

Чаму туды? Бо краіна падавалася «ментальна блізкай». Але потым аказалася, што рэпетытар па чэшскай у яе родным Магілёве «вельмі дарагі». План перайгралі: замест Чэхіі вырашылі ехаць у Польшчу — таксама краіну непадалёк з даволі простай для беларусаў мовай.

Так што апошні год у школе Дар’я хадзіла ў мясцовы «Польскі дом». «Прыходзіш, а там па ўсіх сценах развешана, што ”мувімы толькі па-польску”», — згадвае яна.

Пасля 8-9 месяцаў такога апускання ў мову дзяўчына здала экзамен на В2 і прыгатавалася да пераезду.

Але аказалася, што здаць экзамен і сапраўды валодаць мовай — дзве вялікія розніцы. Першы час Дар’я пакутавала з разуменнем, што ёй кажуць па-польску. «Памятаю, калі толькі пачала вучыцца ва ўніверсітэце, да мяне падкатваў хлопчык-паляк. Аднак ён шапялявіў і картавіў, і я адразу сказала, што без шансаў, я яго не разумею», — сазнаецца Дар’я.

Спачатку беларуска паступіла ў люблінскі ўніверсітэт імя Складоўскай-Кюры на паліталогію — па конкурсе для іншаземцаў без польскіх каранёў, якія хочуць вучыцца бясплатна. Потым перавялася ў Познань па праграме мабільнасці студэнтаў «Мост» і праз нейкі час зноў вярнулася ў Люблін, каб скончыць адукацыю. Так з тых часоў тут і жыве, здала польскую на С2 і нават размаўляе амаль без акцэнту. 

🟣 Як пачала выкладаць польскую

Ужо шэсць гадоў Дар’я займаецца прыватнай практыкай: выкладае польскую мову як замежную. «Мне вельмі хацелася гэта рабіць. Нават калі б мне давялося жыць у каробцы пад мостам, я б усё роўна выкладала мовы, — кажа яна. — Пачалося з таго, што на пачатку 2020-га я пазнаёмілася ў аўтобусе да Познані з жанчынай, якая сказала, што ў яе ўжо ёсць настаўніца польскай. Аднак яна пачула, як я размаўляю, і хоча, каб я стала ёй выкладаць.

А я раней ужо выкладала рускую як замежную для палякаў. У дадатак у мяне ўжо былі за плячыма розныя курсы і кнігі, як выкладаць мову, і таму я пагадзілася. Сказала: “Давайце я паспрабую за сімвалічную суму. Калі спадабаецца, пойдзем далей”.

І вось з гэтага ўсё і пачалося. У Познані я пайшла вучыцца на настаўніцу, і ў мяне з’явілася шмат студэнтаў. Вельмі класна атрымалася. Аказалася, трэба было, толькі каб нехта ў мяне паверыў».

Суразмоўца кажа, што сярод яе вучняў хапае айцішнікаў. Прычым яна хваліць іх за дысцыпліну і арганізаваны падыход да навучання: «Так, айцішнікі не заўсёды матываваныя вывучаць польскую, бо збольшага працуюць на ангельскай. Але калі яны ўсё ж даходзяць да заняткаў, то зробяць усё “па палічках”: раздрукуюць, падкрэсляць, раскладуць па файліках. У іх заўсёды парадак, яны такія — “калі я ўжо прыйшоў сюды вучыцца, то я буду вучыцца”. Вельмі файна».

Ну і з нядаўніх часоў Дар’я таксама можа называцца айцішніцай — прыкладна тры месяцы таму яна ўладкавалася ў EPAM як Junior System Engineer. Як? Проста вырашыла ў адзін момант, што было б добра «увайсці ў айці». Тым больш што ў яе ўжо быў невялікі досвед працы QA (у 2022-м працавала над праектам па стварэнню падручніка ў электронным фармаце). 

Недзе год шукала першую працу ў расслабленым фармаце — і цяпер працуе «на этаце». Нават жартуе, што ўсім фрылансерам варта спрабаваць хоць раз у жыцці працу «ў штаце». Кажа, гэта вельмі расслабляе.

Напрыклад, нейкі час Дар’я думала запусціць сваю школу польскага і нават наняла супрацоўнікаў. Аднак сутыкнулася з вялікай колькасцю адказнасці і працы. А вось на UoP усё аказалася проста — прыходзіш у 8, сыходзіш у 17.00, і пасля ў цябе нават ё некалькі часоў на прыватную практыку па выкладанню польскага.

🟣 Што дапамагло Дар’е асімілявацца ў новай краіне, куды яна пераехала адразу пасля школы, чытай, падлеткам?

Як кажа сама дзяўчына, у яе проста не было асаблівага выбару: у 2018-м у Польшчы не было так багата рускамоўных мігрантаў. Баішся-не баішся, а размаўляць па-польску трэба.

«Калі ты хацела пастрыгчы кончыкі валасоў, то табе трэба было сказаць гэта на ламанай польскай. Калі трэба было адрамантаваць разетку, прыходзілася вучыць назвы тэрмінаў, — успамінае Дар’я. — Прычым не заўсёды размаўляеш з маладым чалавекам, каго лягчэй зразумець. Часам гэта старэйшы пан, які прыходзіць і нешта там сабе бубніць пад нос, а табе яшчэ трэба яму паясніць, што патрабуецца зрабіць».

Дапамагала моўная практыка ва ўніверсітэце (вакол Дар’і збольшага былі толькі польскія студэнты). Беларуску аднакурснікі, па яе словах, прымалі вельмі ветліва і падыходзілі з разуменнем. «Часам я ім праз 15 хвілін размовы казала, што “ужо стамілася тут з вамі размаўляць, да заўтра”, і яны казалі “ну добра, заўтра скончым гэтую размову”, — смяецца Дар’я. — Таксама я магла сказаць, што не зразумела такое-та слова. І ўсе казалі “не пераймайся” і намагаліся растлумачыць, каб я ўсё зразумела.

Як я пісала ў сваёй кнізе, у нейкі момант трэба проста прыняць, што ты лакальны жарт. Калі ты сам пачынаеш з сябе смяяцца, то прыпыняеш баяцца зрабіць памылку. “Такі я дурачок, і што вы мне зробіце”. А калі ж ты будзеш надта паважна да сябе адносіцца, то ў цябе нічога не атрымаецца».

Аднак, падкрэслівае Дар’я, у яе з самага пачатку была задача — уліцца ў польскую супольнасць і «адчуваць там сябе сваёй». Але не кожны гэтага хоча і патрабуе: «Калі нехта ведае, што не затрымаецца ў Польшчы надоўга і плануе ехаць далей, то, мне падаецца, такому чалавеку варта адчапіцца ад сябе і рабіць, як яму лягчэй».

Для сябе ж Дар’я паставіла мэтай асіміляцыю. «Напэўна, беларусы пачнуць кідацца ў мяне тапкамі, але для мяне гэта значыла “зліцца з лакальным натоўпам”, — кажа яна. — У чым розніца асіміляцыі ад інтэграцыі? Калі ты інтэгруешся, то проста пераймаеш розныя рэчы, што вось так яны працуюць у новай краіне. Але пры гэтым пакідаеш і нешта сваё. 

У 2018-м мне было лёгка адмовіцца ад часткі такога вось “свайго”. Бо калі табе 18 і ты пераязджаеш з русіфікаванай Беларусі, то наогул нічога не страчаеш. Я не адчувала, што губляю нешта вялікае. Цяпер, канешне, гэта змянілася, і мне вельмі важна захоўваць розныя беларускія штучкі. Напрыклад, у мяне хлопец-паляк, і я яму часам кажу, што “у гэты доме мы не робім па-польску, робім па-беларуску”.

Але, канешне, бывае рознае. Напрыклад, я ведаю беларуску, якая пераехала сюды, можа, гадоў 15 таму. У яе польскія карані, яна заўсёды лічыла сябе полькай і размаўляла са сваімі дзецьмі толькі па-польску. Дзеці нават не ведаюць, што яна знае іншыя мовы».

🟣 Як і чаму беларуска вырашыла напісаць кніжку

Насамрэч Дар’я даўно думала напісаць кніжку. Але доўгі час ёй здавалася, што гэта — толькі для выключных людзей: «Мне падаецца, што мастацкая літаратура значна больш складаная рэч, чым навуковая. Бо з навуковымі працамі ўсё проста — табе трэба зрабіць “баданне”, ты кагосьці апытваеш, робіш статыстыку і гэтак далей. А мастацкая… з мастацкай мне падавалася, што яна толькі для геніяў».

Аднак чым больш Дар’я працавала з мігрантамі, тым часцей чула ад іх аповеды пра адныя і тыя ж рэчы (бо, збольшага, мы ўсе праходзім адзін шлях). І паступова яна пачала іх запісваць.

Апошняй кропляй стаў выпадак ва ўжондзе год таму: Дар’я спытала ва ўжондніка, ці можна неяк спрасціць працэс «умейсцовенія», бо яна не можа сабраць неабходныя паперкі. У адказ ужонднік паглядзеў на іншаземку, якая размаўляла на чыстай польскай, і гучна прамовіў па-руску: «Вам нужна… БУМАГА».

Пасля гэтага дзяўчына цвёрда вырашыла напісаць кніжку пра свой досвед.

Яна падышла да задачы як да вывучэння польскай: расклала працэс міграцыі на этапы, з якімі, напэўна, сутыкаюцца ўсе мігранты незалежна ад краіны.

Цалкам верагодна, што ў шмат якіх главах кніжкі «Я/Мы Эміграцыя» вы пазнаеце свой досвед. Напрыклад, аўтарка паясняе там розніцу паміж «з’ехаць з Беларусі» і «прыехаць у Польшчу»; згадвае, як страшна пачаць размаўляць — і нават калі ты ўжо навучыўся, то працягваеш маўчаць па звычцы; расказвае пра барацьбу паміж жыццём на чамаданах і простым чалавечым жаданнем набыць прыгожы келіх і гэтак далей. Знайшлося месца і апісанню бюракратычнага пекла, візітаў да лекараў, крызісаў у сямейным жыцці, білінгвізме маленькіх дзяцей і нават працы на заводзе.

А паміж гэтымі тэмамі — ілюстрацыі. Бо, кажа Дар’я, несумленна, што ілюстрацыі лічацца прэрагатывай толькі дзіцячых кніжак. Дарослым таксама патрэбныя карцінкі.

Аднак, канешне, досвед міграцыі ў кожнага свой. Частка падзей можа супасці — але астатняе быць суцэльна іншым.

Так, Дар'і аднойчы напісала жанчына, якая пераехала з мястэчка ў Беларусі ў Мінск у дарослым узросце, з дзецьмі. І ўсе гэтыя цяжкасці — складанасці з пошукам лекараў, словы «што вы сюды ўсе пхаецеся» — яна ўжо перажыла ў Беларусі, і таму Варшава яе не здзівіла.

«У мяне няма такога жадання — нешта даказваць. Камусьці мая кніга спадабалася, камусьці не. Але ці добрая яна — пакажа час», — кажа аўтарка.

🟣 Ці чакаць новых кніжак?

Тут Дар’я пакуль не ведае. Але пісаць ёй вельмі спадабалася. Калі яна і працягне пісьменніцтва, то, можа, зробіць нешта кшталту Алексіевіч — жыццёвыя гісторыі без апісанняў прыроды на 14 старонак. 

Читать дальше

В Польше госпереворот? Почему это не так — объясняют в подкасте «Зроблена ў Польшчы»

В Польше госпереворот? Почему это не так — объясняют в подкасте «Зроблена ў Польшчы»

Уже несколько дней в Польше бушуют страсти вокруг Конституционного трибунала – высшего судейского органа страны. Правящая партия попыталась отстранить от работы его руководство, оппозиция называет это попыткой государственного переворота. Что на самом деле произошло и откуда тянется спор вокруг Конституционного трибунала – объясняет Кирилл, ведущий подкаста про польскую политику «Зроблена ў Польшчы»

Украинцы уезжают из Польши? Вот что об этом говорят официальные цифры

Украинцы уезжают из Польши? Вот что об этом говорят официальные цифры

Анализ данных Управления по делам иностранцев показывает, что сокращение числа украинцев в реестрах связано с проверкой личности и переходом на другие виды легализации, а не с массовым отъездом из Польши.

«В2 недостаточно, чтобы теорию упругости на китайском изучать». Как беларус учился в Китае

«В2 недостаточно, чтобы теорию упругости на китайском изучать». Как беларус учился в Китае

Сейчас Андрей живёт в Белостоке и работает как Hosting Services Analyst. Но ранее он провёл четыре года в Китае — городе Шэньян, где изучал «Промышленное и гражданское строительство». Каким был Китай до ковида и можно ли сравнить польский смог с китайским — читайте в интервью DZPK. Как попал в Китай Андрей учился